Якаў Фёдаравіч Кнотэ (? – ?) – ганаровы грамадзянін Гродна, купец другой гільдыі, член Гродзенскай павятовай канцэлярыі, член Гродзенскага царкоўнага евангелічна-лютэранскага савета, член Гродзенскай гарадской канцэлярыі па кватэрнаму падатку.
Якаў Фёдаравіч Кнотэ (? - ?) – ганаровы грамадзянін Гродна, купец другой гільдыі, член Гродзенскай павятовай канцэлярыі, член Гродзенскага царкоўнага евангелічна-лютэранскага савета, член Гродзенскай гарадской канцэлярыі па кватэрнаму падатку, немец па паходжанню.
Падчас пажара 1885 года Якаў Фёдаравіч рызыкуючы ўласным жыццём ратаваў маёмасць дзяржаўных устаноў. Калі ён залазіў па лесвіцы ў вакно аднаго з дамоў, лесвіца загарэлася, Якаў Фёдаравіч зваліўся і зламаў сабе нагу. За гераізм і мужнасць на пажары магістрат горада прысвоіў яму званне ганаровага грамадзяніна горада Гродна і выдаў немалую субсідыю, за якую Якаў Фёдаравіч пабудаваў новы дом і адкрыў магазін зброі.
Я. Ф. Кнотэ быў уладальнікам двух жылых дамоў і магазіна зброі ў горадзе. Але няшчасцем сям’і была цяга Якава Фёдаравіча да картачных гульняў, якая давяла яго да банкруцтва. Жонцы Вользе Фёдараўне прыходзілася нялёгка. Яе розум і энергія былі накіраваны на тое, каб выратаваць маёмасць сям’і – дамы закладвалі і перазакладвалі. Вольга Фёдараўна ўзялася сама весці гандлёвыя справы, а па вечарах хадзіць у клуб і, ў літаральным сэнсе гэтага слова, адцягвала мужа ад картачнага стала.
Сям’я Кнотэ славілася ў горадзе і адносілася да ліку інтэлігентных. У сям’і высока цаніліся веды і інтэлектуальная праца. Усе дзеці (а іх было пяцёра: чатыры дачкі і сын) атрымалі гімназічную адукацыю. Яны дасканала валодалі нямецкай і французскімі мовамі, атрымалі і музычную адукацыю. Дочкі ігралі на раялі, сын – на скрыпцы. У доме заўсёды гучала музыка. Любімыя кампазітары – Бах, Гайдн, Моцарт, Бетховен. Усе чатыры сястры Кнотэ сталі таленавітымі выкладчыкамі замежных моў.
Старэйшая Элеанора, у замустве Рудаміно, пасля сканчэння курсаў для выкладчыкаў замежных моў у Берлінскім і Марбургскім універсітэтах, выкладала нямецкую мову ў Першай Саратаўскай жаночай гімназіі, а на летніх канікулах – рускую мову у Марбургскім універсітэце.
У гэты час яна занялася навуковай работай і з захапленнем пачала распрацоўваць методыку выкладання замежных моў і падрыхтавала да выдання кнігу “Новы метад выкладання замежных моў, яго псіхалагічнае абгрунтаванне і практычнае прымяненне”. Сучаснікі адносілі яе да ліку таленавітых педагогаў і метадыстаў.
Дачка Элеаноры Рудаміно і ўнучка Якава Кнотэ – гэта вядомая ў Расіі і свеце Рудаміно Маргарыта Іванаўна, заснавальнік і дырэктар дзяржаўнай бібліятэкі замежнай літаратуры у 1922–1973 гадах (з 1948 года – Усерасійская дзяржаўная бібліятэка замежнай літаратуры, Масква), а з 1991 года бібліятэка носіць яе імя.
Кацярына Эма Якаўлеўна Кнотэ, у замустве Кестэр, вядомы метадыст і арганізатар выкладання замежных моў у Расіі. Скончыла Гродзенскую Марыінскую жаночую гімназію з залатым медалем. У дваццаць адзін год выйшла замуж за прадстаўніка саратаўскай “залатой моладзі” Сяргея Апалонавіча Кестэра, а праз год збегла ад яго і з’ехала ў Францыю. Вольна валодаючы французскай мовай, праз год пачала выкладаць рускую мову ў Сарбоне (Парыж). У хуткім часе яна стала прафесарам Сарбоны і выйшла замуж за вядомага французскага лінгвіста, прафесара Сарбоны Г. Гіёма. Летам 1915 года Кацярына Якаўлеўна Кестэр арганізавала ў Саратаве “Вышэйшыя курсы новых моў К.Я.Кестэр”. Сябравала са знакамітымі рэвалюцыянеркамі Верай Фігнер і Кларай Цэткін. У 1919 годзе стала членам партыі бальшавікоў, а ў 1920 годзе разам з прафесарам І.І.Глівенка арганізавала Маскоўскі педагагічны неафалагічны інстытут (прататып будучага педагагічнага інстытута замежных моў).
Трэцяя дачка, Антаніна Іагана Якаўлеўна, у замустве фон Крэтч, скончыла Гродзенскую Марыінскую жаночую гімназію з залатым медалем і выкладала нямецкую мову ў Гродзенскім рэальным вучылішчы.
Чацвёртая, малодшая дачка Вольга Барбара Амалія Якаўлеўна, у замустве Маскаленка, скончыла Гродзенскую Марыінскую гімназію з сярэбраным медалем. Загадвала кафедрай замежных моў у Маскоўскім інжынерна-эканамічным інстытуце і па-сумяшчальніцтву узначальвала кафедру нямецкай мовы Усесаюзнай акадэміі знешняга гандлю.
Адзіны сын Якаў Якаўлевіч скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і працаваў галоўным інжынерам фірмы “Сіменс” у Польшчы.
Крокі на шляху пошука дадатковых звестак пра Якава Кноте былі зроблены у канцы 2017 года з дапамогай і пры ўдзеле добрых сяброў і партнёраў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя Андрэя Макаёнка – вядомага краязнаўцы Алеся Госцева і пісьменніцы Ірыны Шатыронак.
Пісьменнік, журналіст Ірына Сяргееўна Шатыронак адшукала сям’ю нашчадкаў Якава Фёдаравіча Кнотэ ў Маскве і ліставалася з імі, у сваю чаргу, яны ўзрадаваліся факту, што гродзенцы памятаюць пра іх слаўнага продка. Яны выслалі Ірыне Шатыронак для перадачы ў бібліятэкі кнігі ўспамінаў унучкі і праўнука ганаровага грамадзяніна Гродна. Пісьменніца выканала ганаровую міссію – перадала бібліятэцы для краязнаўчага фонду кнігі Маргарыты Іванаўны Рудаміно «Кнігі майго лёсу: успаміны равесніцы ХХ стагоддзя» (Масква, 2005) і яе сына Адрыяна Васільевіча Рудаміно «Амаль усё ХХ стагоддзе. Вялікі бібліятэкар Маргарыта Іванаўна. Біяграфія ў фатаграфіях» (Масква, 2011).
[Воспоминания Рудомино М.И. о своих бабушке Ольге Фёдоровне Кноте и дедушке Якове Фёдоровиче Кноте] // Рудомино А.В. Почти весь ХХ век. Великий библиотекарь Маргарита Ивановна Рудомино : биография в фотографиях и документах / Адриан В. Рудомино – Москва. : Издательский Дом ТОНЧУ, 2012. – С. 44–48.
[Расказ Рудомино М.И. о своих бабушке Ольге Фёдоровне Кноте и дедушке Якове Фёдоровиче Кноте] // Рудомино М.И. Книги моей судьбы : воспоминания ровесницы ХХ в. / М.И. Рудомино – Москва. : Прогресс-Плеяда, 2005. – С. 25–26.
Рудомино, А.В. Почти весь ХХ век. Великий библиотекарь Маргарита Ивановна Рудомино. Биография в фотографиях и документах. – М. : Издательский Дом ТОНЧУ, 2012. – 280 с.
Шатырёнок, И. Дом, который построил… [Электронный ресурс] : [история гродненских улиц и живших на них исторических личностей] / Ирина Шатырёнок // Вечерний Гродно. – Режим доступа: http://vgr.by/component/zoo/item/dom–kotoryj– postroil. – Дата доступа: 11.10.2017.