Карасік Зельман Янкелевіч (? – ?), гродзенскі фотамайстар, ганаровы грамадзянін г. Гродна (1903).
Званне прысвоена: 1903 г.
Карасік Зельман Янкелевіч (? – ?), гродзенскі фотамайстар, ганаровы грамадзянін г. Гродна (1903). Паходзіць з гомельскіх мяшчан Магілёўскай губерні. Да 7 ліпеня 1887 года ўтрымліваў фатаграфію ў г. Сакулка Беластоцкай вобласці Царства Польскага. 30 верасня 1886 года (па старому стылю) адкрыў фотамайстэрню ў г. Гродна. У 1901–1902 гадах фотамайстэрня размяшчалася на вуліцы Саборнай у доме Каплана (зараз Савецкая, магазін «Оптика»), потым – на вуліцы Калажанскай (зараз Калючынская), потым – на вуліцы Іванаўскай (зараз Тэльмана). Губернскае праўленне выдала Зельману Янкелевічу спецыяльны дазвол на распаўсюджванне фатаграфічных выяў Гродна. Дзякуючы яму Зельман Янкелевіч выканаў фотакопію з рэпрадукцыі гравюры Г. Браўна і Гогенберга, прывезеную гродзенскім губернатарам Дз. М. Бацюшкавым.
Тагачасныя фотаздымкі размяшчаліся на цвёрдым кардоне вельмі добрай якасці. Дарэвалюцыйная фатаграфія – мастацтва фатографа, літографа і мастака. Самымі распаўсюджанымі былі фатаграфіі фармату Кабінетны («Cabinet-portrait») і Візітны («Visit portrait»). Паспартý для іх заказвалі ў друкарнях. Паспартý, на якія наклейваліся фатаграфіі, ўтрымлівалі звесткі пра фатографа, месцазнаходжанне фотамайстэрні, узнагародах на міжнародных выставах. У пашпарце або пашпартнай кніжцы грамадзяніна Расійскай імперыі не было асабістай фатаграфіі, таму ў паспартý часта завяраецца прозвішча ўладальніка, яго імя і імя па бацьку. Групавы фотаздымак каштаваў 1 рубель 50 капеек, шэсць штук «Visit portrait» 1 рубель 50 капеек, «Cabinet-portrait» 4 рублі за шэсць асобнікаў. Такія грошы маглі дазволіць сабе заплаціць заможныя гараджане, купцы, арыстакратыя, тэхнічная інтэлігенцыя, вайскоўцы.
У 1903 годзе быў узнагароджаны медалямі «За стараннасць» на Уладзімірскай і Станіслаўскай стужках.
У З. Карасіка была здольная вучаніца Ента (Яўгенія) Рашэйштэйн, якая атрымала атэстат і званне “жанчына-фатограф”.
Пляменнік З.Я. Карасіка таксама займаўся фотасправай. На жаль, не вядома яго імя, а ўвайшоў ён у гісторыю гродзенскай фатаграфіі як Карасік малодшы. Ён працаваў з 1901 года, атэлье знаходзілася на вуліцы Саборнай (Савецкай) у доме Яффэ. У 1906 г. Карасік малодшы быў узнагароджаны вялікім залатым медалём і ганаровым дыпломам на міжнароднай выставе ў Бруселі.
[Об открытии в Гродно фотомастерской Карасика Зельмана Яковлевича] // Известные уроженцы Гродненской области. / А. П. Гостев. – Гродно: ООО «ЮрСаПринт», 2016. – С. 259.
Гостев, А. П. Карасик Зельман Яковлевич : [сведения об известном гродненском фотомастере, почётном гражданине г. Гродно] // Кронон. Летопись города на Немане (1116–1990 гг.) / А. П. Гостев, В.В. Швед – Гродно: НВК «Пергамент», 1993. – С. 168.
Казак, Т. З гісторыі гарадзенскай фатаграфіі [Электронны рэсурс] / Таццяна Казак // Harodnia.com. – Рэжым доступу: https://harodnia.com/be/uczora/rasijskaja-impieryja/28-z-historyi-fatahrafii-hrodna. – Дата доступу: 10.07.2017 г.